Творчая сустрэча са Стыянам Холе


Творчая сустрэча са Стыянам Холе

 

У суботу 9 лютага адбудзецца творчая сустрэча з вядомым нарвежскім дзіцячым пісьменнікам і ілюстратарам Стыянам Холе. У імпрэзе таксама возьме ўдзел перакладчыца Юля Цімафеева. Мадэраваць гутарку будзе мастачка Стася Сакалоўская.

На прыкладзе сваіх кніг Стыян Холе падзеліцца тым, як стварае свае гісторыі, раскажа пра асаблівасці працы з мантажом і пошукі ідэяў для мастацкіх вобразаў, а таксама пра тое, як улічваць дзіцячую псіхалогію пры стварэнні кнігі.

Мы вельмі чакаем усіх!

Імпрэза ладзіцца сумесна з аргкамітэтам прэміі Цёткі за найлепшую беларускую кнігу для дзяцей і падлеткаў і пры падтрымцы NORLA (Norwegian Literature Abroad), арганізацыі, якая займаеццца прамоцыяй нарвежскай літаратуры за мяжой.

Пра пісьменніка і ягоную кнігу:

Стыян Холе (Stian Hole, 1969) – нарвежскі дызайнер і ілюстратар, дзіцячы пісьменнік, бацька трох дзяцей. Жыве ў Осла. Сусветную славу Стыяну Холе прынесла кніга “Лета Гармана” (2006), якую ў 2018 годзе пераклала з нарвежскай на беларускую Юля Цімафеева. Кніга выйшла ў выдавецтве “Янушкевіч”.

Кніга атрымала каля дзесяці нарвежскіх і міжнародных літаратурных прэмій, у тым ліку самую прэстыжную ў галіне дзіцячай літаратуры – Гран-пры Балонскай кніжнай выставы (Італія) (2007), а таксама Prix Sorcière (Францыя, 2008), Jugendliteraturpreis (Германія, 2010), Прэмію за самую прыгожую кнігу (2007), прэмію як Найлепшая дзіцячая кніга года (ЗША, 2009), прэмію Міністэрства культуры (Нарвегія, 2007) і іншыя.

Больша пра кнігу на сайце выдавецтва: https://januskevic.by/catalog/mast_lit/3895/