Прэзентацыя беларускамоўнага перакладу рамана Ігната Карповіча “Сонька”


 

23 лістапада а 19-ай гадзіне ў рамках цыкла «МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ» адбудзецца прэзентацыя беларускамоўнага перакладу рамана знакамітага польскага пісьменніка Ігната Карповіча «СОНЬКА». Раман выйшаў у выдавецтве «Логвінаў» пры падтрымцы Інстытута кнігі (Кракаў). У прэзентацыі беларускага выдання прымуць удзел аўтар кнігі Ігнат Карповіч і перакладчыца Марыя Мартысевіч. Мадэратарам імпрэзы выступіць паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Ігнат Карповіч (польск. Ignacy Karpowicz) — адзін з найяскравейшых сучасных польскіх пісьменнікаў. Нарадзіўся ў 1976 годзе ў вёсцы Случанка на Беласточчыне. Выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта, спецыяліст па іберыстыцы і афрыканістыцы. Аўтар васьмі раманаў, чатыры з якіх уваходзілі ў шорт-ліст галоўнай літаратурнай прэміі Польшчы «Nike». У 2010 годзе атрымаў прэстыжную прэмію часопіса «Палітыка” за раман «Баладыны і рамансы» (польск. «Balladyny i romanse»). Перакладае мастацкую літаратуру з англійскай, іспанскай і амхарскай моваў. Ігнат Карповіч належыць да беларускай меншасці Польшчы. Таму яго героі гавораць і па-беларуску таксама.

Апублікаваны ў 2014 годзе раман «Сонька» сягае карэннямі рэальных падзей. Пра жанчыну з ваколіцаў Гарадка, якая ў вайну закахалася ў немца, расказаў Карповічу яго родны дзядзька па кудзелі — знакаміты польскі мастак беларускага паходжання Лявон Тарасевіч. Першапачаткова Ігнат Карповіч хацеў сустрэцца з прататыпам галоўнай гераіні (тады жанчына была яшчэ жывая), але так і не наважыўся. Праца над раманам расцягнулася на сем гадоў. У выніку ў тэксце магічна-містэрыяльным чынам пераплятаюцца некалькі сюжэтных ліній, часоў і моў. Другая сусветная вайна дабіраецца да Беласточчыны, паміж непісьменнай сялянкай Сонькай і нямецкiм афіцэрам нараджаецца каханне, а праз гады яе гісторыю слухае і хоча перастварыць на сцэне модны тэатральны рэжысёр са сталіцы.

«Сонька» стала ў Польшчы сапраўднай літаратурнай сенсацыяй. У гэтай кнізе сустракаюцца мінулае і цяпершчына, жыццё і смерць, каханне і нянавісць. Раман  «Сонька» перакладзены на венгерскую, літоўскую, нямецкую, рускую, украінскую мовы. Паводле рамана быў пастаўлены спектакль на падмостках Драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі ў Беластоку з удзелам беларускіх акцёраў Святланы Анікей (Сонька) і Аляксандра Малчанава (Міша) у рэжысуры Агнешкі Карыткоўскай-Мазур, а таксама створаны аўдыяспэктакль, які гучаў на хвалях «Польскага радыё Беласток». У 2015 годзе раман «Сонька» быў намінаваны на літаратурную прэмію «Nike».